Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Акцыя "Нашы дзеці" ператварылася ва ўсебеларускі навагодні марафон дабра - Андрэйчанка

30.12.2016 Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" ператварылася ва ўсебеларускі навагодні марафон добрых спраў. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка пасля наведвання ў Віцебскай вобласці Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. 

"Цудоўна, што такая добрая традыцыя ўстаноўлена і падтрымліваецца ў Беларусі. Няма чужых дзяцей, яны ўсе - нашы. А выхаванцы гэтай установы не па сваёй віне трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю. Задача дарослых - зрабіць усё, каб святы прайшлі для іх радасна, маляўніча, былі яркімі, насычанымі цяплом, любоўю, дабром. Таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у гэтыя дні выехалі ў розныя акругі і прымаюць удзел у цудоўным навагоднім марафоне дабра. Акцыя "Нашы дзеці" стала па-сапраўднаму масавай. Я ўжо гаварыў, што гэта брэнд Беларусі, якому зайздросцяць у іншых краінах", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.


Віншуючы дзяцей і педагагічны калектыў школы-інтэрната са святам, ён адзначыў, што апошнім часам штогод напярэдадні Новага года прыязджае да дзяцей у Бягомль. "Мне прыемна сюды прыязджаць. Добра, што гэта традыцыя ў нас захоўваецца ўжо некалькі гадоў. Новы год - гэта чаканае свята, да якога рыхтуюцца і дарослыя, і дзеці. Вы добра падрыхтаваліся - ёлка цудоўная, касцюмы яркія, - пахваліў дзяцей старшыня Палаты прадстаўнікоў. - Жадаю, каб у наступным годзе ў вас усё было добра, каб не хварэлі, каб побач былі верныя сябры, а па жыцці сустракалася шмат добрых людзей". Уладзімір Андрэйчанка асабліва падзякаваў педагогам за дабрату сэрцаў і цярпенне, за любоў і ласку, якую супрацоўнікі школы-інтэрната дораць дзецям. 

Спікер уручыў дзецям куфэркі з ласункамі і перадаў сертыфікат на трэнажоры (цяпер спартыўная зала школы-інтэрната поўнасцю ўкамплектавана абсталяваннем). Падарункі ўстанове і яе выхаванцам таксама ўручылі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, прадстаўнікі Беларусбанка і іншых шэфскіх арганізацый. Акрамя ласункаў і фруктаў, якіх школьнікам цяпер хопіць на ўсе святы, сярод падарункаў тэлевізар, фотаапарат, відэакамера і інш. Дзеці падрыхтавалі для гасцей навагодні паказ і ўручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

У Бягомльскай школе-інтэрнаце выхоўваецца 105 дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 9 снежня 2016 года па 8 студзеня 2017 года. Па традыцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Удзельнікі акцыі віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручаюць ім падарункі.

Алёна Ціханава - БЕЛТА.

Версия для печати