Прыёмная выканкама
210010, г. Віцебск, вул. Гогаля, 6
e-mail: vitoblisp@vitebsk.by
Тэлефон: (+375-212) 42-57-57
Факс: (+375-212) 42-57-81
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт

Эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў Бярэзінскім запаведніку

28.05.2019 "Полымя міру" сустрэлі сёння ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Агонь II Еўрапейскіх гульняў па тэрыторыі ўнікальнага запаведніка пранеслі майстар спорту па цяжкай атлетыцы Яўген Шаўчэнка і знакаміты мясцовы Балотнік - менавіта ён сустракае гасцей у сваіх уладаннях. Маршрут удзельнікаў эстафеты агню прайшоў па дарозе ўздоўж балот да возера Плаўна, дзе знаходзіцца аднайменны гасцінічны комплекс, і па мосце цераз Бярэзіну ў вёсцы Броды, размешчаным на стыку Віцебскай і Мінскай абласцей.


Сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся дырэктар Бярэзінскага запаведніка Андрэй Пракошын. "Нашаму калектыву была даверана ганаровая і прэстыжная місія - сустрэць і правесці па сваёй тэрыторыі "Полымя міру". Усёй камандай рыхтаваліся да гэтай адказнай падзеі, а талісман II Еўрапейскіх гульняў Лісяня Лесік у час наведвання запаведніка стаў галоўным героем для мясцовых жыхароў і турыстычных груп. Знамянальная сустрэча з'яўляецца для ўсіх нас дадатковым імпульсам для развіцця", - адзначыў ён. У Віцебскай вобласці "Полымя міру" пабывала ўжо ў абласным цэнтры, Полацку, Наваполацку, Браславе, Глыбокім. 29 мая агонь II Еўрапейскіх гульняў будуць вітаць у Оршы. Маршрут эстафеты пракладзены так, каб максімальна прадэманстраваць самабытнасць рэгіёна, яго галоўныя выдатныя мясціны, прыродныя асаблівасці і важныя аб'екты. Потым "Полымя міру" адправіцца ў Магілёўскую вобласць. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

БЕЛТА.

Версія для друку