Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

У Беларусі і Расіі шмат кропак для развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры - Германава

19.02.2018

У Беларусі і Расіі шмат кропак для развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры. Такое меркаванне выказала сёння член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, член Камітэта Дзярждумы Расіі па культуры Вольга Германава ў ходзе сустрэчы саюзных парламентарыяў са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарстнёвым.

"У Беларусі і Расіі шмат кропак для развіцця супрацоўніцтва, асабліва ў сферы культуры. Мы настроены на рэалізацыю ўсіх праектаў у гэтай галіне. Гэта фундамент, на якім грунтуецца ўсё, у тым ліку эканоміка", - падкрэсліла саюзны парламентарый. У якасці прыкладу яна прывяла шэраг буйных сумесных праектаў у сферы культуры, якія ўжо фінансуюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, аказваецца падтрымка мемарыяльнаму комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", якая з'яўляецца ўвасабленнем мужнасці і стойкасці народа. Сродкі выдзяляюцца і на правядзенне "Славянскага базару ў Віцебску", маладзёжнага фестывалю, які штогод праходзіць у Растове з удзелам дэлегацый з Беларусі і розных рэгіёнаў Расіі. Каля 4 тыс. пуцёвак закупляецца для ветэранаў і іншых катэгорый грамадзян. Як правіла, па конкурсе яны ідуць у беларускія здраўніцы. Таксама ў гэтым годзе ў Магілёве, Горках і Шклове адбудзецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Мікалай Шарстнёў станоўча ацаніў узровень дасягнутага супрацоўніцтва, а таксама выказаў шэраг пажаданняў па рэалізацыі праектаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці, падтрымка якіх з боку СД стане важным крокам ва ўмацаванні ўзаемаадносін. Так, ужо на працягу 26 гадоў у абласным цэнтры праводзіцца міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар", у рамках якога праходзіць Дзень Саюзнай дзяржавы. Традыцыйна ён уключае шэраг выставак, акцый і іншых розных культурных падзей, якія праходзяць па ўсім горадзе, у тым ліку на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы форуму - у Летнім амфітэатры, дзе наспела неабходнасць замены светлавога абсталявання.

Яшчэ адзін праект, які мае патрэбу ў падтрымцы СД, звязаны са стварэннем на тэрыторыі музейнага комплексу І.Я. Рэпіна "Здраўнёва" выставачнай залы для мастакоў. "Гэта наша агульная спадчына, якую мы павінны захоўваць і развіваць", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Актуальнасць агучаных прапаноў знайшла падтрымку ў саюзных парламентарыяў. "Яны будуць разгледжаны на пасяджэннях камісіі", - сказала Вольга Германава. Аб тым, што гэтыя пытанні не застануцца без увагі, заявіла таксама начальнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка. Акрамя таго, цікавасць да азнаямлення з арганізацыяй работы па духоўна-маральным выхаванні моладзі праявіў у ходзе сустрэчы член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, член Камітэта Дзярждумы Расіі па адукацыі і навуцы Сяргей Бажэнаў. "У вас вялікі вопыт, які мы павінны вывучаць і пераймаць, паколькі мы ў 90-я гады шмат чаго страцілі, а цяпер даводзіцца аднаўляць. Беларусі ў гэтым пытанні ўдалося ўтрымаць пазіцыі", - сказаў парламентарый.

БЕЛТА.

Версия для печати