Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Шэсце дудароў і імправізаваныя канцэрты. У Глыбокім адбыўся першы фестываль “Дударскі рэй”

11.05.2017 У Глыбокім адбыўся першы фестываль дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”, удзел у якім прынялі вядомыя музыкі з шасці краін свету.

Іграючы нацыянальныя матывы ў глыбоцкім скверы Знакамітых Землякоў, шатландзец Джэймс Рыд распавядаў пра чароўнае гучанне беларускай дуды, якая займае пачэснае месца ў яго калекцыі музычных інструментаў, чэх Пэтр Сов’як з абаяльнай усмешкай спяваў пра каханне і прыгажосць прыроды. Дзеля чаго вядомыя ў Еўропе музыкі з’ехаліся ў Глыбокае і які інструмент прэтэндуе стаць у хуткім часе яшчэ адным брэндам краю? Адказаць на гэтыя пытанні зможа кожны, каму пашчасціла паслухаць, як пранікнёна граюць дудары.

Традыцыі розных народаў

На працягу двух дзён музыкі далі імправізаваныя канцэрты не толькі ў райцэнтры, але і аграгарадках Пліса, Празарокі, Удзела і вёсцы Мосар. Гучала дуда ўзамен аргана падчас імшы ва Удзелаўскім касцёле Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі.

– Музыка – найлепшая рэклама творчай сустрэчы, якую маем намер праводзіць кожны год, – сказаў адзін з арганізатараў фэсту Віталь Воранаў. – Словы шчырай удзячнасці хачу выказаць кіраўніцтву раёна і асабліва старшыні райвыканкама Алегу Морхату, які падтрымаў гэту ідэю. Назву “Дударскі рэй” выбралі, згадваючы вядомы верш Янкі Купалы, прысвечаны выступленню трупы Ігната Буйніцкага. Весці рэй, верхаводзіць, задаваць тон умелі яго музыкі. Сімвалічна, што на нашым свяце гучалі мелодыі, якія ў свой час іграў дудар трупы Адам Шульга.

Фэст у Глыбокім – гэта яшчэ і прэзентацыя рэгіянальных дударскіх традыцый розных народаў. Напрыклад, удзельнік аднаго з вядомых у Еўропе гуртоў бельгіец Рэмі Дэкэр прадставіў на свяце адразу два рэгіёны: Фландрыю і Валонію. Доктар навук з Польшчы Ліндсэй Дэйвідсан іграў на вялікай шатландскай дудзе, самай гучнай сярод прадстаўленых на мерапрыемстве інструментаў. А шатландзец Джэймс Рыд прывёз малую дуду, гукі якой таксама зачароўваюць з першых хвілін.

Ураджэнец Глыбоччыны Дзмітрый Дзёмін, які зараз пражывае ў Карэліі, сыграў на эстонскай дудзе. Прадэманстравалі сваё майстэрства і ўдзельнікі “Капэлы дудароў вялікапольскіх” з Польшчы. Дарэчы, Рамуальд Ендрашак прывез з сабой старажытную дуду, якая, нягледзячы на сталы ўзрост, спявае, як раней, звонка і напеўна. На фэст завіталі і вядомыя беларускія дудары Дзяніс Сухі, Яўген Барышнікаў, Сяргей Чубрык, Юрась Панкевіч.

Глыбоцкі раён мае даўнія дударскія традыцыі. Аб гэтым сцвярджае аўтар кнігі “Дударская Глыбоччына” Віталь Воранаў, які жыве ў Польшчы, але не забывае малую радзіму. На прэстыжных замежных фестывалях яго прадстаўляюць менавіта як глыбоцкага дудара.

– Вывучаючы гісторыю радзімы, дзейнасць славутых дудароў, асабліва ўразіла колькасць згадак пра дуду ў творчасці мясцовых літаратараў, – адзначыў Віталь. – Сэрцам дударскіх традыцый былі ваколіцы возера Шо, вёскі Палівачы, Празарокі, дзе і дзейнічала тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Пётр Бурэц – яшчэ адзін вядомы мясцовы музыка. Дудой захапляўся і знакаміты зямляк Вацлаў Ластоўскі. “Дудар” – так называўся дэбютны верш паэта з Глыбоччыны Янкі Пачопкі.

Класікі аб музыцы

Пасля святочнага адкрыцця фестывалю ў скверы Знакамітых Землякоў музычнае шэсце дудароў накіравалася ў бібліятэку сямейнага чытання на прэзентацыю кніжнай выставы “Дуда мая ты спеўная”. На ёй сабраны мастацкія, даследчыя і навукова-папулярныя выданні, у якіх згадваюцца дуда і дудар-музыка.

Па словах дырэктара Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціны Спасібёнак, у экспазіцыі прадстаўлены кнігі беларускіх класікаў, у тым ліку выдадзеныя ў пачатку мінулага стагоддзя. Таксама ў гэты дзень у гісторыка-этнаграфічным музеі пачала дзейнічаць выстава “Вялікапольскія дуды ў ХХІ стагоддзі”.

На другі дзень дудары разам з творчымі калектывамі Глыбоччыны прынялі ўдзел у святочным шэсці ад парку Перамогі да цэнтральнай плошчы. На свяце прысутнічалі намеснік старшыні місіі пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску Ян Фокс, дэлегацыі Латвійскай і Літоўскай Рэспублік.

– З вялікім гонарам і пачуццём адказнасці працягваем слаўныя традыцыі краю, ладзім святы і фестывалі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Алег Морхат.  Спадзяюся, што “Дударскі рэй” даў магчымасць усім жадаючым паказаць сваё майстэрства, падзяліцца вопытам, знайсці новых сяброў.

Фінальным акордам фэсту стала творчая сустрэча дудароў з настаўнікамі і вучнямі Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў, у якой вучыўся Віталь Воранаў. Госці перадалі ўстанове некалькі музычных інструментаў, дыскі, сувеніры. Юныя глыбоцкія музыкі прадэманстравалі свае здольнасці, цудоўна гралі на флейце, трубе, цымбалах.

Дзіяна БЕРНІКОВІЧ, фота аўтара. "Витебские вести".

Теги : Глубокое, культура, фестиваль
Версия для печати